РУС БЕЛ ENG

Вусны часопіс "Там, дзе Грыўда і Шчара..." (да Дня беларускага пісьменства)

07.09.2024

31 жніўня і 1 верасня старажытны горад Івацэвічы прымаў Дзень беларускага пісьменства. У трыццацць першы раз фестываль адзінства друкаванага слова, літаратуры і народа прайшоў ў Івацэвічах – прыгожым гарадку, які ўзнік на месцы шляхецкага маёнтка і стаў адным з самых прывабных гарадоў Брэстчыны.  Свята праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года як даніна павагі нашым продкам – тым, хто заклаў падмурак айчыннай адукацыі, і тым, хто на працягу стагоддзяў захоўвае традыцыі, развівае і памнажае здабыткі беларускай педагагічнай школы.

Так, з нагоды свята,  вучні IX-XI класаў ажыццявілі віртуальнае падарожжа па багатай на гісторыю і людзей Івацэвіцкай зямлі.

 Гартаючы старонкі вуснага часопіса “Там, дзе Грыўда і Шчара...”, удзельнікі мерапрыемства даведаліся шмат цікавага пра горад, які мае сваю сівую даўніну.

 Івацэвічы ўпершыню згадваюцца ў 1508 годзе – праз запіс у зэльвенскай касцёльнай кнізе. Ён стаіць на правым беразе маляўнічай ракі Грыўда – правым прытоку Шчары, і мае на сваім гербе кветку лілеі на зялёна-залатым фоне – сімвал чысціні і арыстакратызму.

Пакінуў свой след на Івацэвіцкай зямлі і род Агінскіх. У 1788 г. Міхаіл Агінскі заснаваў у Целяханах першае прамысловае прадпрыемства – фаянсавую мануфактуру. Іх прадукцыя разыходзілася па ўсёй Рэчы Паспалітай.

У Івацэвічах можна ўбачыць мемарыяльнае збудаванне пункту дугі Струвэ.  Гэта самае дакладнае і самае каласальнае вымярэнне градуса дугі мерыдыяна ў свеце.

Ёсць у Івацэвічах адзін з дзіўных помнікаў. Хоць да бліжэйшага мора адсюль сотні кіламетраў, у горадзе ёсць свой маяк! У 2017 годзе ў Івацэвічах адкрылі помнік маракам, якія служылі на флоце, у форме маяка.

Помнік птушцы – гэта таксама малады арт-аб'ект, адкрыты ў Івацэвічах у 2019 годзе падчас святкавання 500-годдзя. У 2017 годзе барадатая няясыць  была прызнана птушкай-сімвалам Івацэвіцкага раёна.

Да сённяшняга дня ў Івацэвічах захаваўся помнік архітэктуры класіцызму  – сядзіба Юндзілаў. У Вялікім Княстве Літоўскім гэта быў вядомы магнацкі род герба "Лебедзь", гісторыя якога цесна звязана з Івацэвіцкім краем.  

Мабыць, самы яркі аб'ект Івацэвіцкага раёна – палац Пуслоўскіх. Як яго толькі не называюць: замак з дыснэеўскіх мультфільмаў, жамчужына беларускай архітэктуры, рыцарская мроя. Раскошны замак нібы сышоў са старонак старадаўніх раманаў пра дамаў і рыцараў.

Агінскі канал – дасягненне інжынернай думкі XVIII стагоддзя. Ініцыятар будаўніцтва – асоба ў гісторыі вядомая: вялікі гетман літоўскі Міхаіл Казімір Агінскі. У 1836 годзе па Агінскім канале везлі соль, пшаніцу, воцат, ільняное насенне, авёс, гарох, жыта, сала, посуд, шкло, кераміку, тытунь... прычым везлі не толькі вузкамеснымі маршрутамі – ажыццяўлялася дастаўка тавараў (шоўк, віно, ювелірныя вырабы) і матэрыялаў (жалеза і вырабы з яго) з-за мяжы.

Івацэвіцкі край з часоў Вялікай Айчыннай вайны смуткуе аб так званых “сёстрах Хатыні". Гэта была жудасная трагедыя: з 10 па 15 верасня былі забітыя 1280 чалавек з вёсак Бабровічы, Вяда, Тупічыцы, Красніца. Пасля вайны адрадзілася толькі вёска Бабровічы. Кожны год, у дзень трагедыі, у  царкве праходзіць паніхіда. Унутры храма ёсць чорная мармуровая пліта, дзе выбітыя імёны загінуўшых жыхароў.

Заказнік "Выганашчанскае” размясціўся на тэрыторыі адразу трох раёнаў Брэсцкай вобласці – Івацэвіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага – і займае плошчу больш за 55 тыс.га. Тут жывуць 72 віды чырванакніжных жывёл.

Станцыйны дом у вёсцы Няхачаванайстарэйшая з грамадзянскіх пабудоў, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі. Будынак паштовай станцыі быў узведзены ў 1840-я гады  як частка Маскоўска-Варшаўскай шашы. Будаўніцтва паштовых станцый пачалося з адабрэння Мікалая II. У іх мянялі коней, адпраўлялі пасланні, кур'еры адпачывалі з дарогі. Пабудова ў Няхачаве з'яўляецца гістарычнай славутасцю рэспубліканскага значэння.

 Спадзяёмся, што вы даведаліся многа новага пра Івацэвіцкую зямлю, якая славіцца сваімі гасціннымі і добрымі жыхарамі. Падарожнічайце і адкрывайце для сябе гэты маленькі ўтульны куточак  Берасцейшчыны!

 

 

поделиться в: