Гульня-віктарына "Размаўляем па-беларуску"
22.02.2024
Ці карыстаецеся вы каберцам? А валкаваць умееце? Няўжо у вас няма цапстрыкаў? Няма? Вы ўпэўнены ці, можа, проста не ведаеце сэнс гэтага прыгожага і крыху гуллівага слова? А што такое “екатаць”, “верашчака”, “абшарнік”, “дзяркач”? Магчыма, скажаце, чаму “дарэктар” у “Новай зямлі” Якуба Коласа зусім не кіраўнік? А зможаце падабраць дзясятак кампліментаў для матулі на роднай мове на свята 8 Сакавіка?
На ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні вучні 9-га класа, прыхільнікі роднай мовы, знайшлі адказы ў інтэлектуальнай гульні “Размаўляем па-беларуску”, якая прайшла ў рамках святкавання Дня роднай мовы і пазнаёміла ўдзельнікаў з ўсёй глыбінёй адной з самых прыгожых моў свету.
Удзельнікамі гульні зיִяўляліся дзве каманды: “Васількі” (капітан Дамастой Мацвей) і “Рамонкі” (капітан Жвалеўская Надзея). Спачатку капітаны патлумачылі, чаму так, а не інакш называюцца каманды.
Хуткую рэакцыю, рашучасць, уменне дзейнічаць камандай і будаваць стратэгію гульцы праявілі ў наступных конкурсах:
“Прыгадваем”: на экране адна за адной зיִяўляліся карцінкі са схемай слова. Адкрытая ў ёй літара спрашчала гульцам і без таго нескладаную задачу – назваць слова па-беларуску. Для дзевяцікласнікаў, якія вывучаюць амаль ўсе прадметы на беларускай мове, выканаць заданне было вельмі проста.
“Перакладаем”: удзельнікі перакладалі сказы з рускай мовы на беларускую. З гэтым заданнем каманды справіліся бездакорна.
“Тлумачым”: кожная каманда па чарзе павінна была растлумачыць сэнс беларускіх слоў – у асноўным рэдка ўжывальных. З трох варыянтаў, якія прапаноўваліся на слайдзе, трэба было выбраць адзін. Некаторыя словы ўдзельнікі чулі ўпершыню, таму даводзілася фантазіраваць.
“Ужываем”: кожнай з камандаў быў прапанаваны фразеалагізм. За дзве хвіліны трэба было патлумачыць сэнс устойлівай адзінкі, знайсці яе рускамоўны ці беларускамоўны адпаведнік і скласці з першапачатковым фразеалагізмам сказ.
“Цытуем”: гэты этап аказаўся самым складаным для гульцоў кожнай каманды. Трэба было прадоўжыць радок з музычнага твора, агучыць яго назву і пажадана – аўтара слоў і музыкі. Абавязкова называць выканаўцаў не патрабавалася: гэта было і так відавочна (трансліравалася відэа). Камандзе «Васількі» трапілася песня з рэпертуару ансамбля «Песняры», «Рамонкам» выпала «Дзед-барадзед». Шчыра прызнацца, не так і проста было прадоўжыць гэтыя радкі.
А вось з літаратурнымі творамі было прасцей: зусім нядаўна на ўроках літаратуры вучні знаёміліся з вершамі знакамітых класікаў беларускай літаратуры. «Рамонкам» трапіўся верш Янкі Купалы «Явар і каліна», «Васількам» – «Мой родны кут» Якуба Коласа.
Пальма першынства дасталася «Васількам». Праўда, перамаглі з невялікай перавагай. А калі ўлічваць, што гэта адзін калектыў, прайграўшых увогуле не было. А самае галоўнае – кожны атрымаў добры насторой і пэўны багаж ведаў.