РУС БЕЛ ENG

Бліц-апытанка

20.02.2024

“Чаму трэба любіць і шанаваць родную мову і ці карыстаецеся вы ёй у паўсядзённым жыцці?”

Сваімі думкамі дзеляцца вучні Х класа.
Дабрэнка Вікторыя:
     ‒ Родную мову трэба любіць і шанаваць, таму што яна з’яўляецца неад’емнай часткай культуры нашай Радзімы. Беларуская мова вельмі меладычная і прыгожая. Размаўляючы на ёй, мы выказваем сваю бязмерную любоў да роднай зямлі, да сваіх продкаў, якія не цураліся гаварыць па-беларуску і гэты бясцэнны дар перадалі нам. Размаўляць на беларускай мове неабходна, каб не забыць свае карані. А што дрэва без кораня? Загіне, змарнее… Так і чалавек…
    Мотыль Надзея:
    ‒ Я лічу, што беларуская мова – гэта візітная картка кожнага сапраўднага беларуса. Люстэрка майго народа, маёй сям’і, мяне асабіста. Я разумею беларускую мову і з задавальненнем на ёй размаўляю.
    Жук Кірыл:
    ‒ А колькі цікавых твораў напісана на роднай мове! У іх – і гісторыя нашай Радзімы, і яе краявіды, і традыцыі.
    Волкаў Вадзім:
    ‒ Я абсалютна падтрымліваю думку аб тым, што трэба паважаць родную мову. Родная мова – гэта не толькі сродак камунікацыі, але і частка нашай ідэнтычнасці і культуры.
    Кавалеўскі Дзмітрый:
    ‒ Любоў і павага да роднай мовы дапамагаюць развіваць самапазнанне. Дзякуючы ёй існуе непарыўная сувязь з продкамі. У паўсядзённым жыцці я стараюся размаўляць па-беларуску.
    Крэўчык Дзяніс:
    ‒ На мой погляд, мова – гэта нешта ўнікальнае, што адрознівае адну нацыю ад другой. Захаванне мовы – гэта захаванне нашай гісторыі, традыцый.
    Лявончык Вольга:
    ‒ Важна не толькі размаўляць на беларускай мове, але любіць і паважаць яе. Мова садзейнічае захаванню нашай нацыянальнай самабытнасці.
    Высоцкі Мар’ян:
    ‒ Беларуская мова адлюстроўвае ўнікальныя асаблівасці нашага народа і дапамагае выказаць нам думкі, пачуцці, ідэі. Мова для мяне не толькі сродак зносін, але частка маёй асобы і самавыяўлення.
    Дабрэнка Вікторыя:
    ‒ Цяпер модна вывучаць замежныя мовы. У гэтым выпадку мне ўспамінаюцца словы Францішка Багушэвіча: “Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”.

поделиться в: